Обзоры музыкального оборудования и инструментов
Размещение рекламы на сайте muzby.net
Музыкальные новости Афиша Обзоры концертов Фоторепортажи Рецензии Интервью

Музыкальные новости / Пра цымбалы і дуду. Сасноўскі адказвае Ярмоленку (3 апреля 2009)

Пра цымбалы і дуду. Сасноўскі адказвае Ярмоленку

 

На он-лайн канфэрэнцыі на сайце агенцтва БелТА кіраўнік ансамблю «Сябры» Анатоль Ярмоленка паразважаў наконт адметнасьцяў беларускай музыкі, назваўшы цымбалы — галоўным беларускім інструмэнтам. Зь ім катэгарычна не пагадзіўся лідэр гурта «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі, які праз ТГ адказаў народнаму артысту Беларусі: «Гэта чарговае рэфлексійнае трызьненьне „работніка эстрады“!» Дасталося нават Лявону Вольскаму.

 

Шматразова даводзілася адчуваць сорам за неадукаванасьць беларускіх музыкаў — у гісторыі ўласнай музыкі. Аднойчы прачытаў інтэрвію зь Лявонам Вольскім. На пытаньне «ці хацелі Вы бы, як Блэкмар запісаць старадаўнюю музыку на лютні?», наш рок-сымбаль адказаў, што быў бы рады, але ў нас не было беларускай лютневай музыкі! І гэта пры тым, што, як найменш, шэсьць кампазытараў-лютністаў жыло ў Беларусі ў 16-м стагодзьдзі, ня кажучы пра выданьне Ляўксьмінам падручніка, перадрукаванага ў многіх краінах Эўропы, пра тое, што славуты францускі лютніст Антуан Гало дэ’Анжэра апошнюю частку свайго жыцьця правёў на тэрыторыі Беларусі. І гэта толькі тое, што адразу згадалася! Неяк дасьледчык і майстар-лютніст Юры Дубнавіцкі сказаў, што, калі б сучасныя дзеячы мінкульта ведалі гісторыю сваёй музыкі, то адразу ж абвесьцілі народным беларускім інструмэнтам рэнэсансную і барочную лютні!

Каб зразумець становішча ў нашай гісторыка-музычнай адукацыі назаву толькі адзін факт — пры наяўнасьці Інстытута гісторыі Акадэміі навук, Унівэрсытэту культуры, Міністэрства адукацыі, Акадэміі мастацтва і цэлага войска асьпірантаў, кандыдатаў, дактарантаў і дактароў у нас няма АНІВОДНАГА падручніка Гісторыі беларускай музыкі!

Непісьменных выказваньняў па гісторыі беларускай музыкі столькі, што даўно не зьвяртаю на іх ўвагу. Але на просьбу ТГ пазнаёміўся з выказваньнем Анатоля Ярмоленкі пра беларускую музыку, якое аказалася чарговым рэфлексійным трызьненьнем «работніка эстрады».

А. Ярмоленку бачыў яшчэ ў дзяцінстве — ён тады часта забіраў сваю дачку з нашай школы № 44 г. Гомеля, тады меў да яго шчырую павагу. Але я упэўнены, што шаноўны спадар Анатоль ня здольны назваць ня толькі інструмэнты, зь якіх складаліся рэнэсансныя капэлы ў Беларусі ў 16 стагодзьдзі, але дакладную дату Грунвальдзкай бітвы. Але пры гэтым яму хапае ўпэўненасьці разважаць над складанай ўзаемазалежнасьцю этнапсыхікі і інструмэнтальнай культуры.

Цытата А.Ярмоленкі:

«У нас свая песенная культура. Беларускую музыку можна адрозьніць ад расейскай ды ўкраінскай. Мы больш лірычныя, больш спакойныя, разважлівыя. І тое самае ў музыцы. У расейскай музыцы — балалайка, нейкая разухабістасьць, а ў нас — цымбалы. Усе такое чыстае, трапяткое, крыху наіўнае ў добрым сэнсе слова. Мы ўмеем рабіць усё, але душа наша такая. Мы мусім захаваць нашу самабытнасьць. Ня трэба прагінацца перад разнастайнымі эўрапейскімі конкурсамі. Трэ паказаць, што і на іх мы можам выступаць, але заставацца беларусамі».

Першыя два сказы — чыстая праўда. А далейшыя развагі нагадваюць канец 80-х і выказаныя з тым жа камсамольскім патасам пра заходніх агрэсараў і пра нас — чыстых і сьветлых (эратычны выраз «Мы умеем делать все» хутчэй датычыць удзелу спадара Анатоля ў палітычных канцэртах апошняга дзесяцігодзьдзя).

Вы не задумваліся якім чынам рыцарства і шляхта Вялікага княства Літоўскага стварыла самую вялізную на ўсходзе Эўропы дзяржаву, а потым абараняла яе пяць стагодзьдзяў? Мяркуючы па лёгіцы шаноўнага заслужанага артыста БССР, нашыя рыцары былі «лиричны, спокойны, рассудительны, чисты, трепетны и немного наивны».

Каб адказаць на выказваньне А. Ярмоленкі «про трепетность» распавяду кароткія гісторыі двух інструмэнтаў.

Дуда (беларуская валынка). Паводле беларускіх архаічных мітаў гэты інструмэнт існаваў у Беларусі спрадвеку — з дахрысціянскага часу фармавання каляднай, валачобнай, жніўнай і вясельнай абраднасьці. Згадваецца ў старабеларускай літаратуры з 15 ст., першыя іканаграфічныя крыніцы — з 16 ст. На працягу 16—18 стст. — пяць апісаньняў дуды ў старабеларускай літаратуры і шэсьць беларускіх выяваў гэтага інструмэнту. На працягу 19 ст. — 5 выяваў беларускай дуды і безьліч апісаньняў яе, як асноўнага беларускага інструмэнта, безь якога беларусы не адзначалі ніводнае сваё сьвята. У БССР у 20—30-х гадах дуда была абраная галоўным нацыянальным інструмэнтам, беларускія дудары гралі на Ўсесаюзных выставах і прадстаўлялі СССР на міжнародных гаспадарчых выставах у Парыжы і Мюнхэне ў 1926 і 1928 гадах. Яшчэ да Другой сусьветнай вайны дуда лічылася адным з самых распаўсюджаных у Беларусі інструмэнтаў. Апошнія зьвесткі экспэдыцыі і архіваў пацьвярджаюць, што беларускія дудары жылі і гралі на танцах яшчэ ў 60-х гадах 20 стагодзьдзя.

Цымбалы. Старадаўні індыйскі, арабскі і габрэйскі інструмэнт. Упершыню ў Беларусі згадваецца ў ананімным антыклерыкальным творы «Прамова Русіна аб нараджэньні Хрыста» (17—18 стст.). Цымбалы трапілі да нас празь дзьве крыніцы: вандроўныя замежныя музыкі ды габрэі-перасяленцы і шмат стагодзьдзяў былі прыкметай іх культуры ў беларускіх гарадах. У беларускую вёску трапілі ў 19 стагодзьдзі. Разам з гармонікам актыўна выціскалі з ужытку дуду. У 20 стагодзьдзі ўтварыліся сумесныя капэлы дуда-цымбалы-скрыпка. У перадваенны час фактычны лідэр беларускай народнай інструмэнтальнай культуры Язэп Жыновіч палічыў дуду капрызнай і цяжкай у карыстаньні, таму галоўным інструмэнтам беларускага народу назваў цымбалы. Сапраўднае прозьвішча Жыновіча — Іосіф Жыдовіч, і ён не саромеўся так падпісваць свае артыкулы ў 30-х гадах, але потым пэўна паўплывала савецкая габрэяфобія. Натуральна, што Жыновічу этнічна былі блізкія менавіта цымбалы. Такім чынам, гэты гарадзкі і модна-вясковы інструмэнт трапіў на алімп, а потым стаў штучным культам для ўсёй вёскі.

У якасьці маралі працытую этнографа Тодара Кашкурэвіча: «Дуда — гэта мужчынскі інструмэнт, ён будзіць пачуцьці і заклікае да дзеяньняў, цымбалы — інструмэнт жаночы, ён супакойвае, зводзіць у нейкі туман. Са зьменай інструмэнтаў зьмяніўся і агульны эмацыйна-пачуцьцёвы фон нашага народу».

Камусьці камфортна падманваць сябе «лиричной спокойностью» і «рассудительной трепетностью» цымбалаў. Камусьці добра душу д’яблу прадаваць пад гармонік. Але можа давайце вяртаць нашыя сапраўдныя эмоцыі — гонар праз дуду і высакароднасьць празь лютню?!


Метки -
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Информация

Комментировать статьи на нашем сайте возможно только в течении 150 дней со дня публикации.
• Реклама
Размещение рекламы на сайте muzby.net
• Читаемое
    • Афиша

    6 января в клубе «Граффити» состоится Trip-hop/Lounge вечеринка с участием частого гостя клуба, диджея и автора электронной музыки Diamos Roll‘а и, пожалуй, главным представителем белорусского трип-хопа, группой B_Side.

    17 января состоится церемония награждения ZorkiText 2011

    • Опрос
    Новый вид сайта. Как?
    Отлично
    Хорошо
    Плохо

    • Личный кабинет
    Фоторепортаж Прямо с места событий

    Назад в Союз или новое по старому...
    Сеть облетели картинки стилизации современных альбомов под винил советского времени. Мы тоже не будем отставать и представим вашему вниманию эту коллекцию (а вдруг кто её ещё так и не видел?). Смотрите и улыбайтесь, ведь смех продлевает жизнь!

    Рецензии Читать не перечитать

    Портал Jazz.ru издал толстый, но совершенно не академичный двухтомник – такой же, как и «музыка толстых», которую он взялся описать.

    Реклама Интересные предложения
    Мировые новости Самое свежее