Обзоры музыкального оборудования и инструментов
Размещение рекламы на сайте muzby.net
Музыкальные новости Афиша Обзоры концертов Фоторепортажи Рецензии Интервью

Музыкальные новости / Юры Стыльскі: «Нейкая шляпа цяпер у краіне» (31 августа 2011)

Стыльскі Спадзяюся, у героя майго інтэрвію — лідэра вядомага берасьцейскага гурта «Дай дарогу!» ня ўздыбяцца валасы, калі ён убачыць свае адказы на беларускай мове. Гэта пры тым, што Юра Стыльскі заўсёды шчыра прызнаецца ў яе няведаньні — як і ў тым, што ў школе ён быў стабільным двоечнікам.

Што яшчэ сказаць пра Юру? Саліст гурта з 13-гадовай гісторыяй, пачуўшы адну назву якога мясцовыя чыноўнікі і адукатары хапаюцца за сардэчныя кроплі. Выдатны знаўца адборнай нецэнзурнай лексікі (ахвотна дзеліцца сваімі ведамі з слухачамі). Заўважаны падчас маўклівых акцыяў пратэсту ў Берасьці. А яшчэ гэта чалавек, які часам прымушае сябе чакаць (вось такая яна жорсткая, мужчынская помста!).

«Што ты рабіў у Маскве?» — пытаюся, аглядаючы аднапакаёвую кватэру сьпевака, утульную, нягледзячы на тое, што халасьцяцкая. У калідоры стаіць ровар, за якім хаваюцца канькі; у пакоі кідаюцца ў вочы ажно чатыры гітары, дарожны знак на сьцяне і вялізнае пустое палатно, на якім другая, мастацкая Юрава натура, парываецца напісаць карціну. Тут мне падабаецца, і на малюсенькую кухню, куды мяне кліча Стыльскі, іду трохі расчараваная. Але, як аказалася, менавіта кухня зьяўляецца ўлюбёным месцам гаспадара кватэры: «Уключаю газ, і адчуваю сябе, як перад камінам».

Пра Маскву ведаю ад самога Юры — ён зьбіраўся туды, калі мы дамаўляліся пра сустрэчу. Адказ «гралі канцэрт», канечне, прадказальны. З канцэртнай тэмы і пачынаем размову.

ТГ: Для якой публікі ахвотней сьпяваеш — для беларускай ці замежнай?

Шчыра кажучы, для нашай, таму што тут нас больш любяць, ды і мы сябе тут вольна адчуваем. А некуды прыяжджаеш, там пару чалавек, якія ведаюць нашу творчасьць, а астатнія прыходзяць проста паглядзець, што за гурт новы прыехаў.

ТГ: Ёсьць нешта, што цябе раздражняе падчас выступленьня?

Бывае, на канцэрт аховы, мянтоў панаходзіць… Зробяць нейкі бар’ер паміж выканаўцам і слухачамі на мэтраў 10 — я не разумею, навошта? Выканаўцу тады цяжка дагрукацца да людзей. Усе стаяць такія незразумелыя… Няма яднаньня. Самае ж цікавае, калі ты можаш энэргіяй, эмоцыямі з слухачамі абменьвацца.

А яшчэ сытуацыя: людзі ўстаюць таньчыць, і тут праваахоўчыя органы давай ледзьве не дубіналамі ўсаджваць усіх назад. Што да чаго? Не разумеюць зусім, што такое рок-музыка. І нават ня рок — пад таго ж Пракаповіча (мясцовая поп-зорка — «ТГ») таксама шмат хто хацеў б патанцаваць.

Пакуль Юра гаворыць, маю ўвагу прыцягваюць чатыры рознакаляровыя міскі на па падлозе зь яўнымі прыкметамі ежы ў адной зь іх.

ТГ: У цябе ёсьць кот? (хоць гэта і відавочна, але надта нечакана, каб не спытаць)

Ёсьць, катапёсік. Я яго зімой знайшоў ля дома. Бегае недзе цяпер.

ТГ: Хто ж яго корміць, калі ты зьяжджаеш?

Суседзі могуць паглядзець — у яго на кожным паверсе міска стаіць. А яшчэ сябру ключы даю, таксама заходзіць.

Тут я своечасова ўспамінаю, што прыйшла гаварыць не пра катоў.

ТГ: Ты ж разумееш, я не магу не спытаць пра вашу фішку — ненарматыўную лексыку. Уяві: у цябе гатовая праграма, а тут ты бачыш дзяцей у залі. Што ты будзеш рабіць?

У нас амаль заўсёды на канцэртах ёсьць дзеці. Ну як дзеці — ад 15. Але перад тым, як выступаць, я заўсёды папярэджваю: «У нашых песьнях будзе ненарматыўная лексыка. Мамы, таты, калі з вамі малыя дзеці, заканапацьце ім вушы». Што-небудзь такое.

Наогул, я не лічу, што лаяцца матам абавязкова. Нават мяркую, што гэта непрыгожа. І там, дзе гэтага можна пазьбегнуць, гэтага трэба пазьбягаць. Не выкарыстоўваць лаянку толькі для рыфмы. Але ёсьць песьні, дзе яна да месца. Ну і калі мы зусім ад лаянкі адмовімся, гэта на нас будзе вельмі не падобна, нас проста не зразумеюць.

ТГ: З гадамі ня хочацца перайсьці на нешта больш мяккае ў музыцы?

Я б не сказаў, што мы закладнікі свайго стылю, узяліся за панк-рок — і ўсё. Зусім не. У апошнім нашым альбоме («Боли нет!» — ТГ) усе песьні выкананыя пад акустычную гітару, і я там асабліва не раву, як бялуга. Нармальныя мэлядычныя песьні.

ТГ: Ведаю, што ты цяпер займаесься выключна творчасьцю…

Цяпер так. Раней я працаваў на мэблевай фабрыцы (я столяр па адукацыі), але гэта так напружвае! Ты піліш і піліш адно і тое ж. Сэнс? Я трошкі не разумею. Я адчуваў сябе як робат з патоку. Ты нараджаесься, ты павінен закончыць школу, тык-тык-тык — пасада — і да сямідзесяці. І я падумаў: да ну на фіг! Трэба саскокваць з гэтай сыстэмы, бо звар’яцею.

ТГ: …дык вось, ці ня стаў ты праз гэта ставіцца да музыкі як да працы, падзёншчыны?

Не. Праўда, у мяне яшчэ паралельны праект ёсьць, дзе мы граем электронную музыку — «4kuba». Нас шмат дзе запрашаюць (нядаўна на Казантыпе былі) і замаўляюць нам рэміксы на розныя песьні. Вось там ужо даводзіцца пасядзець, гэта ўжо можна назваць працай.

А яшчэ я займаюся агучваньнем рэклямных ролікаў. Пісаў музыку для для Velcom, Gefest, «Лідзкай мукі»…

Я спадзяюся, мой суразмоўца не пакрыўдзіўся, што я перабіла яго сьмехам. Проста ў сьвядомасьці лідэр скандальнага гурта аніяк не стасаваўся з ролікамі прадуктаў харчаваньня з руплівымі гаспадынямі. Упершыню ў жыцьці пашкадавала, што не гляджу тэлебачаньне і рэкляму на ім. Удар на дабіваньне Юра Стыльскі зрабіў, распавёўшы, што музыка ў роліку стылізаваная пад клясычную. Вось так. І калі перастанем думаць пра людзей стэрэатыпна?

ТГ: А як ты ставісься да музычнай адукацыі? Яна патрэбная ўвогуле?

Як для каго. Калі чалавек сам ня ведае, што яму трэба, калі яму мама кажа: «Ідзі, сынок, на баяне грай», а ён думае: «Ну, напэўна… Фізычна ня трэба напружвацца…», а ў выніку кавуны на рынку прадае, то навошта такое трэба? Іншая справа, калі чалавек адчувае, што ён кампазытар.

Зь іншага боку, у мяне шмат сяброў, якія вучацца ці вучыліся ў музычным каледжы (музычны каледж імя Р. Шырмы ў БерасьціТГ), якія кажуць, што там таксама выпускаюць робатаў. Ня вучаць прыдумваць, не разьвіваюць у табе Глінку ці Бэтговэна — проста вучаць працаваць з гатовым матэрыялам. Вось табе ноты, палачкі-кавыралачкі, расшыфроўвай і выцягвай нейкія гукі. Усё!

ТГ: Значыць, у цябе самаго думкі ісьці вучыцца ў гэтым кірунку не было?

Мне мама адразу сказала: «Юра, куды табе!» Я ж у школе вельмі дрэнна вучыўся. Можа, і дарэмна яна так. Калі заўважу ў сваім дзіцяці нейкія схільнасьці да чагосьці, у любым выпадку буду гэта заахвочваць, і фіг зь ім, што ў яго па матэматыцы двойкі.

ТГ: А што там за гісторыя з тваім затрыманьнем у час маўклівых акцыяў?

Ну якая гісторыя — затрымалі, і ўсё. Я выйшаў з усімі прагуляцца, папляскаць, падтрымаць астатніх, хоць і даказваў у мэнтоўцы, што проста ішоў міма. Бо нейкая шляпа цяпер у краіне, каго ні паслухай: мамы, бабулі, калгасьнікі, рабочыя, пэнсыянэры — усе кажуць, што нешта ня тое. А тут я яшчэ зь людзьмі пазнаёміўся — канкрэтнымі апазыцыянэрамі, якія патлумачылі мне, што да чаго.

ТГ: Хутка выпусьцілі?

Мяне ня выпусьцілі — я ўцёк! Нас у прыбіральню выводзілі, ну і пакуль яны там варон лічылі…

ТГ: Няўжо не шукалі?

Можа, і шукалі, але што яны ўжо зробяць? Пашпартныя дадзеныя не пасьпелі ж перапісаць. Я пасьля такім героем хадзіў! Усе сябры казалі: «Ну ты даеш!»

ТГ: На творчасьці гэтая тэма як-небудзь адбілася?

Ну так, прыдумаў дзьве новыя песьні. Прышпільныя такія. Пакуль я іх толькі знаёмым граў, але яны абавязкова прагучаць і для шырокай аўдыторыі. Хоць увогуле я ад палітыкі далёкі.



Пакуль мы выбіраем месца, дзе Юру лепш сфатаграфаваць, ён яшчэ расказвае, што любіць сваю кватэру і з задавальненьнем вяртаецца дамоў пасьля далёкіх канцэртаў, што не ўяўляе сваё жытло без пастаянных гасьцей, хоць пасьля ўсталяваньня цішыні прыходзіцца працаваць да 4 гадзін раніцы.

Я вырашыла для сябе, што вакаліст «Дай дарогу!» — гэта такі набор кантрастаў, якія ў цэлым насуперак усяму ўспрымаюцца лепш на блізкай адлегласьці. Бо, напрыклад, тое ў ім, што да знаёмства мне падалося як наіграная эпатажнасьць, на справе аказалася толькі шчырай непасрэднасьцю.

Р.S. Разглядаю альбом «Боли нет!». Сьцены студыі «Дай дарогу!», дзе ён, калі верыць інфармацыі на вокладцы, запісваўся, вельмі ж нагадваюць сьцены кватэры Стыльскага. Наступны раз пэўна трэба ўзяць інтэрвію яшчэ і ў яго суседзяў.


Дай дарогу!
29 кастрычніка. 19:00. Менск. Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)


Іна Хоміч, «Тузін Гітоў»
Источник: music.fromby.net

Метки -
Источник -
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Информация

Комментировать статьи на нашем сайте возможно только в течении 150 дней со дня публикации.
• Реклама
Размещение рекламы на сайте muzby.net
• Читаемое
    • Афиша

    6 января в клубе «Граффити» состоится Trip-hop/Lounge вечеринка с участием частого гостя клуба, диджея и автора электронной музыки Diamos Roll‘а и, пожалуй, главным представителем белорусского трип-хопа, группой B_Side.

    17 января состоится церемония награждения ZorkiText 2011

    • Опрос
    Новый вид сайта. Как?
    Отлично
    Хорошо
    Плохо

    • Личный кабинет
    Фоторепортаж Прямо с места событий

    Назад в Союз или новое по старому...
    Сеть облетели картинки стилизации современных альбомов под винил советского времени. Мы тоже не будем отставать и представим вашему вниманию эту коллекцию (а вдруг кто её ещё так и не видел?). Смотрите и улыбайтесь, ведь смех продлевает жизнь!

    Рецензии Читать не перечитать

    Портал Jazz.ru издал толстый, но совершенно не академичный двухтомник – такой же, как и «музыка толстых», которую он взялся описать.

    Реклама Интересные предложения
    Мировые новости Самое свежее