Обзоры музыкального оборудования и инструментов
Размещение рекламы на сайте muzby.net
Музыкальные новости Афиша Обзоры концертов Фоторепортажи Рецензии Интервью

Статьи » Интервью / Безкаравайны: "Беларуская музыка – не бізнес, а ўкладанне грошай у хобі" (9 февраля 2012)

Безкаравайны: "Беларуская музыка – не бізнес, а ўкладанне грошай у хобі"Цяжкі для беларускай эканомікі 2011 год неспадзявана выдаўся надзвычай плённым для беларускага шоў-бізнесу. Дэбютанты беларускай рок-сцэны адзначыліся першымі альбомамі. Гурты з "мэйнстрыму" замацавалі пазіцыі і развілі поспех. Год прынёс шэраг гучных "камбэкаў". Цікавая музыка гучала ў беларускіх клубах ледзь не кожны дзень… Хіба што, усе без выключэння генералы айчыннага рока – па розных прычынах – адляжаліся ў цені… Пра шоў-бізнес "падчас чумы" "Еўрарадыё" размаўляе з музычным экспертам і піяршчыкам Змітром Безкаравайным.

– У 2011-м беларускія музыкі выдалі каля 100 альбомаў. Колькасць уражвае, а што з якасцю?

– Натуральна, не толькі колькасць, але і якасць была на ўзроўні. Былі цікавыя дэбюты: трып-хопавы альбом ад гурта B_side, электронны рок ад Wasp'n'Hornet, пост-панк ад The Blackmail. З маладых можна яшчэ вылучыць Akute – няхай яны і не зусім дэбютанты. Яшчэ адзін амаль дэбют ад Насты Някрасавай, былой вакалісткі NHS. Міжнародны праект Kazalpin, які запісала Akana са швейцарцамі. Таксама былі цікавыя рэлізы ад тых, хто дэбютную стадыю прайшоў: "Петля пристрастия", "Серебряная свадьба", Rockerjoker, The Toobes. Былі істотныя камбэкі: Pomidor/Off, Gods Tower, "Крамбамбуля". "Ляпісы" таксама пасля паўзы выдалі новы альбом. Карацей, сапраўды было што паслухаць.

– Але гэта ўсё на фоне таго, што прызнаная чацвёрка "генералаў беларускага рока": N.R.M., Ulis, "Крама" ды "Нейра Дзюбель" – канчаткова сышлі ў цень.

– Мне здаецца, што ўсе гэтыя гурты ўжо ў тым узросце, калі адзін альбом за 3-5 год – гэта абсалютна нармальна. Нават калі гэта было б недзе на забяспечаным Захадзе. А калі ўлічыць, што гэта ўсё адбываецца ў нашых умовах, то нават гэты вынік – цудоўны. Рэч у тым, што беларуская музыка дагэтуль ствараецца на энтузіязме. У большасці выпадкаў яна, на жаль, не ператвараецца ў асноўны сродак, каб зарабляць на жыццё, ні ў бізнес, нават для такіх сапраўдных легенд як Варашкевіч, Кулінковіч, Корань. Наадварот: сучасная беларуская музыка – гэта ўкладанне грошай у тое, што табе падабаецца рабіць. Часам, людзі маюць песні, маюць жаданне, але не могуць нічога запісаць, бо няма грошай. Той жа Варашкевіч зараз працуе за невялікія грошы ў рэстаране, яго канцэрты забароненыя – пра што тут размаўляць? Кулінковіч таксама не музыкай зарабляе, і Слава Корань – таксама. З "генералаў" толькі Лявон Вольскі зарабляе грошы музыкай. Можа, таму ён і найбольш актыўны дагэтуль.

– Як патлумачыць тое, што колькасны рост у беларускім шоў-бізе адбыўся на фоне цяжкага эканамічнага крызісу?

– Запіс альбома займае шмат часу – мне здаецца, што крызіс проста яшчэ не паспеў адбіцца на колькасці рэлізаў. Да таго ж, як я і казаў, музыка ў нас – не бізнес. Гэта ўкладанне грошай і высілкаў у любімае хобі. У нас жа лейблаў, па сутнасці, і не было – толькі незалежныя артысты, якія самі сабой займаюцца. Тое, да чаго прыйшлі на Захадзе, дарэчы. Раней EMI "падпісвала" 50 гуртоў, "укідвала" у кожны грошы, здымала кліпы. І спадзявалася, што пасля 5 удалых праектаў "адаб’юць" сродкі за астатнія 45. Такога кідання грошамі больш няма, EMI адчувае фінансавыя цяжкасці, а ў сусветным шоў-бізнесе ўсё больш незалежных артыстаў.

Больш за ўсё альбомаў выдаюць рокеры, альтэрнатыўшчыкі і рэперы, з іх адзінкі зарабляюць нармальныя грошы канцэртамі. А дыскамі ў нас ніколі не зараблялі – у пачатку-сярэдзіне 2000-х лідары рынку – N.R.M., "Морсы", "Крамбамбуля", "Ляпісы" прадавалі ў сярэднім каля 4-5 тысяч дыскаў, зрэдку – да 10-12 тысяч. Артыст атрымліваў з дыска 50-70 цэнтаў. Агулам атрымлівалася пэўная сума, але гэта нават запіс альбома не пакрывала. Між тым, астатнія прадавалі яшчэ менш. Зараз жа наклады лідараў каля тысячы дыскаў, не больш. Дзе тут заробіш?

– Няма шоў-бізу – няма і крызісу?

– Так, валютны крызіс нічога ў беларускім шоў-бізнесе не змяніў. У адрозненне, напрыклад, ад забароны пэўных артыстаў, якая вельмі дэматывуе. Хаця, каго як: Кулінковіч новы альбом "Жаба" піша…

– Усе забароненыя гурты і выканаўцы – мінскія. Магчыма, праз забарону цэнтр беларускай рок-музыкі перасунецца з Мінска, напрыклад, у Магілёў, адкуль паходзіць шмат маладых гуртоў?

– Мінск як быў, так і будзе цэнтрам. Тут больш грошай, больш людзей, лепшыя магчымасці тэхнічныя і па прасоўванні. Але ў Магілёве сапраўды вельмі добрая рок-сцэна, ёсць гледачы і 5-6 гуртоў высокага ўзроўню. Я б сказаў, што ў Магілёве зараз беларускі рок развіваецца найбольш імкліва з усіх рэгіёнаў.

– Ці змяняецца колькасць публікі, зацікаўленай беларускай музыкай?

– Думаю, што так. Калі прыгадаць мінулае, напрыканцы 1990-х і на пачатку 2000-х сапраўднай падзеяй выглядала тое, што N.R.M., альбо Kriwi, альбо "Ляпіс" збірае к/з "Мінск" – 1300 месцаў. Тады пра "Палац Рэспублікі"(2700) ніхто з беларускіх артыстаў і не марыў ! Але ў сярэдзіне 2000-х узялі гэты бар’ер. А зараз "J:Морс" і "Без Билета" збіраюць Палац спорту – гэта 4500 гледачоў.

Калі ж прыгадаць сярэдзіну 1990-х, калі нават канцэрты на 500-600 гледачоў былі дасягненнем! "Крама" адзначала сваё 5-годдзе ў Палацы прафсаюзаў, там жа гралі сваё "Смяротнае вяселле" ўжо модныя "Ляпісы". Зараз такая колькасць гледачоў адпавядае ўзроўню нармальнай альтэрнатыўнай каманды – "Петля Пристрастия", The Toobes і іншых. А "Серебряная свадьба" ці "Дай Дарогу" тысячу сабраць могуць. І з гэтага пункту гледжання можна ўпэўнена сказаць, што цікавасць да беларускай музыкі ўзрасла. Хаця, Стас Міхайлаў і Rammstein застаюцца па-за канкурэнцыяй.

– Я бачу прычыны гэтага ў тым, што, па-першае, людзі сталі больш выдаткоўваць на забавы. А па-другое, сацыяльныя сеткі сталі вельмі шчыльна гуртаваць людзей вакол музыкі.

– Згодны, але мне падаецца, што змянілася ў станоўчы бок і вядомасць беларускай музыкі сярод насельніцтва – няхай магло быць і яшчэ лепш. Дзякуючы росту якасці запісаў і канцэртаў, паступова змяняецца і агульнае стаўленне да беларускай музыкі – яна перастае быць нейкім незразумелым дзівам. Паступова адыходзіць комплекс, што добрыя артысты толькі ў Расіі, Украіне ці на Захадзе. Зараз хапае добрых выканаўцаў на розны густ, асабліва ў рок-музыцы і альтэрнатыве. Што тычыцца інтэрнета, то фактарам распаўсюджання музыкі сталі не толькі сацыяльныя сеткі, але і сучасная хуткасць падлучэння і нізкі кошт.

– Музыкі сталі пампаваць больш, гэта відавочна. Але, у той жа час, кліпаў у Беларусі сталі здымаць нашмат менш. Хаця, хуткасны інтэрнет дазваляе пампаваць і іх таксама. Раней здымалі 60 кліпаў на год. Зараз каб 20 ролікаў знялі. У чым тут справа?

– Скарачаецца не толькі колькасць, але і бюджэты кліпаў. Больш-менш рэгулярна працягваюць здымаць відэа некалькі фаварытаў. Па-першае, раней было больш магчымасцяў для паказу кліпаў на тэлебачанні – больш няма "Першага музычнага", больш няма беларускага MTV, на нацыянальных каналах зачынілася некалькі музычных праграм. А па-другое, за кошт кліпа можна запісаць альбом, выкласці яго ў інтэрнет і добра парэкламаваць. Для рокераў і альтэрнатыўшчыкаў сэнсу нашмат больш, бо нават адзін сапраўды якасны кліп за гэтыя грошы не зробіш, і ён наўрад ці можа пераканаць людзей прыйсці на канцэрт, як добры альбом. Таму музыкі робяць запісы, граюць канцэрты, а відэа – як атрымаецца.

– Раней не было магчымасці так шырока выкласці музыку ў інтэрнэце, як цяпер, таму кліпы, з дапамогай якіх можна было дагрукацца да патэнцыйнага слухача праз тэлебачанне, былі актуальныя…

– …Цяпер наогул музыка паступова сыходзіць з тэлебачання і прэсы ў інтэрнет. Шмат буйных музычных каналаў ва ўсім свеце ўжо даўно перасталі быць цалкам музычнымі. На тэлебачанні ўсюды застаецца мэйнстрым – там толькі хэдлайнеры. Тыя, хто ўжо зарабіў сабе імя.

– Але "Ляпис Трубецкой" па-ранейшаму не шкадуе грошай на кліпы.

– Параўноўваць з астатнімі беларускімі гуртамі іх цяжка. У Беларусі няма такога рынку, які б пакрыў выдаткі на здымкі хаця б кліпа кшталту "Не быць скотам" альбо "Путинарода". Калі б у Беларусі рок быў часткай мэйнстрымавай культуры, калі б у нас былі вялікія фестывалі, рокавая радыёстанцыя ці тэлеканал (прычым, пажадана, арыентаваны на беларускіх выканаўцаў), была б трохі іншая справа.

Што праўда, у нашай сітуацыі ёсць свае плюсы. Часта знаёмыя з Расіі і Украіны кажуць, што ў іх шмат музыкі зроблена пад пэўны фармат. Фармат "Нашего радио", нейкага тэлеканала. Музыка шматлікіх гуртоў атрымліваецца больш падобнай. А ў нас кожны гурт шукае сваю персанальную аўдыторыю. Яны не маюць цэнтраў прыцягнення ў выглядзе тэлеканалаў ці радыёстанцый. Можа таму нашы лепшыя гурты вельмі разнастайныя.

– Пры тым, што музыкаў шмат, і кожны імкнецца да сваёй аўдыторыі, у Мінску, фактычна, працуе адзін буйны клуб з альтэрнатыўнай музыкай. Канцэрты там ледзь не кожны дзень. Ці не замала гэта для сталіцы?

– Калі б было відавочна, што канцэртаў можа быць яшчэ больш, з’явіўся б і яшчэ адзін клуб. Не кожны канцэрт у Re:Public збірае шмат людзей – справа ідзе, але няма ўражання, што кожны дзень аншлагі. Вось калі яны зробяць нармальны рамонт, напрыклад, – будзе бачна, што ў іх ёсць грошы. А зараз у гэты клуб дастаткова папросту зайсці і паглядзець, каб зразумець, што яны не купаюцца ў золаце.

Хутчэй за ўсё, калі і з’явіцца альтэрнатыва Re:Public, дык гэта будзе пляцоўка чалавек на 500-700. Мне здаецца, гэта свабодная ніша. Ёсць "Мулен руж", але гэта, хутчэй, рэстаран. Быў жа, дарэчы, яшчэ Night Star. І мне здаецца, што яны якраз зачыніліся праз тое, што ім не хапіла мерапрыемстваў. Бо на адных дыскатэках не пражывеш.

Тэкст: Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"


Метки -
Источник - Experty.by
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Информация

Комментировать статьи на нашем сайте возможно только в течении 150 дней со дня публикации.
• Реклама
Размещение рекламы на сайте muzby.net
• Читаемое
    • Афиша

    6 января в клубе «Граффити» состоится Trip-hop/Lounge вечеринка с участием частого гостя клуба, диджея и автора электронной музыки Diamos Roll‘а и, пожалуй, главным представителем белорусского трип-хопа, группой B_Side.

    17 января состоится церемония награждения ZorkiText 2011

    • Опрос
    Новый вид сайта. Как?
    Отлично
    Хорошо
    Плохо

    • Личный кабинет
    Фоторепортаж Прямо с места событий

    Назад в Союз или новое по старому...
    Сеть облетели картинки стилизации современных альбомов под винил советского времени. Мы тоже не будем отставать и представим вашему вниманию эту коллекцию (а вдруг кто её ещё так и не видел?). Смотрите и улыбайтесь, ведь смех продлевает жизнь!

    Рецензии Читать не перечитать

    Портал Jazz.ru издал толстый, но совершенно не академичный двухтомник – такой же, как и «музыка толстых», которую он взялся описать.

    Реклама Интересные предложения
    Мировые новости Самое свежее