Обзоры музыкального оборудования и инструментов
Размещение рекламы на сайте muzby.net
Музыкальные новости Афиша Обзоры концертов Фоторепортажи Рецензии Интервью

Статьи » Интервью / Дыякан і рок-паэт Павал Касьпяровіч: «Калі рок забараняюць, ён толькі квітнее» (12 апреля 2012)

 

ТГ: Што для цябе значыць рок-музыка і як ты да яе прыйшоў?

У расейскай мове ёcьць такое добрае слова «рок», што азначае лёс. Калі ты сур’ёзна ставішся да рок-музыкі, то яна становіцца тваім лёсам. Так вось адбылося ў маім жыцьці.

А як прыйшоў? Пачаў штосьці слухаць у дзяцінстве, падлеткавым узросьце. Потым як і ўсе мы, я ўдзельнічаў у рок-гурце, штосьці там выконвалі...

 

ТГ: Ці ня лічыш ты, што за апошнія год дзесяць паняцьце «рок-музыка» цалкам размылася?

Можа быць. У 80-я гады пад рокам у нас разумелі ўсё, што ня ёсьць савецкай эстрадай. У 90-я зьявілася супрацьстаяньне рока і папсы. Сёньня мы можам, канеxне, адзяліць рок, напрыклад, ад шансона, але ў самой рок-музыцы складаней – усё перамяшалася.

 

Дыякан і рок-паэт Павал Касьпяровіч: «Калі рок забараняюць, ён толькі квітнее»

ТГ: У сваёй рок-адукацыі каго б ты з «настаўнікаў» паставіў на першае месца?

Уладзімер Сямёнавіч Высоцкі. Яго рокерам цяжка назваць, але скарыстаюся алегорыяй: Высоцкага пабудзілі барды, а Высоцкі пабудзіў рокераў. А сярод рок-постацей я назваў б Канстанціна Кінчава, Віктара Цоя, Барыса Грабеншчыкова, Ягора Летава, Аляксандра Башлачова. Потым я больш чытаў літаратуру, а музыку слухаў зрэдку.

 

ТГ: Якія рок-выканаўцы цябе прывабліваюць моцнымі тэкстамі?

Тэкставікі няхай будуць тэкставікамі, а вось моцнымі рок-паэтамі я лічу Кінчава, Равякіна і Шаўчука. Гэта з жывых. Зь беларускіх я б вылучыў Вольскага часоў «Мроі». Мне падабаецца гурт «Мроя», а вось N.R.M. – не. Я ня так добра ведаю, дарэчы, беларускі рок, але магу доўга размаўляць пра беларускую паэзію. Вось тут у мяне шмат улюбёных паэтаў: Уладзімер Някляеў, Анатоль Брусевіч, Данута Бічэль, Натальля Арсеньнева, Янка Купала, Максім Танк, Ніл Гілевіч і шмат каго яшчэ не назваў.

 

ТГ: А ў чым розьніца на твой погляд паміж вершам і тэкстам?

Верш – гэта верш, а тэкст – гэта тэкст. Паэзія – гэта напрамак літаратуры. Вось адсюль трэба адштурхоўвацца: ці ты займаешся літаратурай ці марнуеш паперу. Калі ты займаешся менавіта літаратурай, то ёсьць крытэрыі, па якім можна ацаніць. Адразу бачна: як чытаеш ты паэзію, як любіш яе, як ставішся да слова, як чакаеш яго. Часьцей гэта ўсё на ўзроўні пачуцьцяў. Ёсьць такі тэрмін - «магія слова». Як казаў Башлачоў: «Поэт умывает слова, возводя их в приметы, подняв свои полные вёдра внимательных глаз». Вось я асабіста адчуваю як чалавек чуе слова, як ён яго рыфмуе, і мне бачна дзе паэзія, а дзе – графаманія. 

 

ТГ: Шмат якія беларускія выканаўцы зьвяртаюцца да беларускай паэзіі і ствараюць песьні на творы паэтаў. Пра што гэта сьведчыць?

Гэта варта рабіць. Пра што сьведчыць? Цяжка адказаць. Мовы ня ведаюць, самі ня пішуць. Ня ведаю як цяпер, але раней было так: гурт, які ўвесь час сьпяваў ці на расейскай ці на ангельскай мовах, хоча патрапіць на вядомы фэстываль, дзе патрэбныя песьні на беларускай мове. Яны бяруць пару вершаў нейкага паэта і робяць на іх песьні. На беларускую мову ім пляваць, але можна выступіць на фэсьце і стаць вядомымі. Кожны выпадак, канечне, індывідуальны, але я ведаю такія прыклады. Сам па такому шляху я ісьці не хацеў. Асабіста я пачаў пісаць вершы на беларускай мове толькі тады, калі пачаў адчуваць сэрцам гэтую патрэбу і неабходнасьць.

 

ТГ: А як ты прыйшоў да беларускай мовы?

У мяне бацька быў сьвядомым беларусам у чымсьці. Ён вельмі любіў беларускую паэзію, стварыў сваю невялічкую бібліятэку. Вось гэтыя макулінкі беларускасьці перайшлі і да мяне. У 90-х гадах у Беларусі быў рух адраджэньня, які таксама паўплываў на мяне. Я чытаў, цікавіўся гісторыяй, літаратурай, але ўсе мае першыя вершы былі на расейскай мове, бо я яшчэ дрэнна ведаў беларускае слова. Вось чаму мой першы гурт «Стерва» сьпяваў выключна па-расейску. Пазьней я па-новаму адкрыў для сябе беларускую мову і літаратуру, а калі я яшчэ прыйшоў да веры, то ўся беларушчына заняла сваё належнае месца ў маім жыцьці. Пры гэтым я не літаратар. Я заўсёды быў «сваім сярод чужых і чужым сярод сваіх». Рокеры казалі: ты пішаш нейкія клясычныя, акадэмічныя вершы, гэта не нашае. А паэты і літаратары казалі, што ты ня з намі, ты – рокер.

 

ТГ: Вось давай, дарэчы, пяройдзем да тваёй творчасьці, зьвязанай з музыкай. Распавядзі пра гурты, зь якімі ты быў зьвязаны.

Гурт «Стерва» быў створаны восеньню 1997 году. Былі запісаныя два альбомы: «Когда рассветёт, мы уйдём» (1998) і «Батальоны просят огня» (1999). Калі назваць музыкаў, то гэта: Віталь «Куркуль» Шаўчук (гітара), Дзіма «Баламут» Радзевіч (бубны), Максім Шыгабедзінаў (бас), Кацярына Радзевіч (вакал). На «Батальонах» да нас далучыўся яшчэ другі гітарыст Юры «Дзюнгурдул» Мярэжнікаў. Летам 2002 года мы перасталі існаваць. Калі назваць прычыну развала, то яна простая – алькагалізм. Хімічная залежнасьць удзельнікаў гурта давяла да таго, што яны больш не маглі быць гуртом. І ўсё.

Потым асабіста ў мяне быў вялікі перапынак, пакуль я не зразумеў, што музыка мяне цікавіць, што мне ёсьць што сказаць. Пару гадоў я наогул вершаў не пісаў, але паэзіяй жыў. Потым зьявіўся цыкл вершаў, у якіх я убачыў песьні і пачаў шукаць музыкаў. Новы гурт «Иго» узьнік восеньню 2009 года. Ня ўсё спачатку ішло як належыць, бо толькі басістаў зьмянілася пяць чалавек. Але на гэты момант склад усталяваўся: Вольга Лук’ян (вакал), Віталь Шаўчук (гітара), Іван Іваноў (бас), Валянцін Маркоўскі (гітара), Дзьмітры Дудуро (бубны).

 

ТГ: А чаму назва ў твайго новага гурта па-расейску, калі вы сьпяваеце па-беларуску?

Таму, што ў беларускай мове няма аналяга слову «иго». Ёсьць прыкладныя – «ярмо», «цяжар» – але яны не зусім дакладна перадаюць сэнс. Мне да спадобы менавіта «иго» . Ну а калі браць сэнс, то пачытайце прадмову на нашай афіцыйнай старонцы «Укантакце»: vk.com/club18719138

 

Дыякан і рок-паэт Павал Касьпяровіч: «Калі рок забараняюць, ён толькі квітнее»



 

ТГ: Беларуская мова памірае. Можна доўга спрачацца, але ў звычайным жыцьці ёй карыстаецца невялікі адсотак людзей, у асноўным – частка інтэлігенцыі. І гэта асноўны паказьнік. Наколькі важна для цябе зараз ствараць па-беларуску?

Ну, мы, духавенства, калі браць, таксама частка інтэлігенцыі. А тое што памірае –што зрабіць? Працэс такі. Кожны з нас можа любіць беларускую мову, размаўляць на ёй хаця б часам, пісаць вершы. Так мы можам яе падтрымаць.

 

ТГ: І ў першым і ў другім тваім гуртах - жаночы вакал. Традыцыя?

Я б так не сказаў. Пачынальнікі гурта «Стерва» Віталь Шаўчук і Дзіма Радзевіч адразу хацелі, каб на вакале была дзяўчына, таму мяне папрасілі пісаць вершы ад імя жанчыны. І нават назва гурта была жаночая. Спачатку было дзьве вакалісткі, а потым засталася толькі Кацярына. А вось у гурце «Иго» мы плянавалі, што будзе сьпяваць, як мужчына, так і жанчына. Вакалістам быў Яўген «Ёршык», але праз тры месяцы пасля пачатку рэпетыцыяў ён сыйшоў. У выніку засталася толькі Вольга.

 

ТГ: Гітарыст Віталь Шаўчук – чалавек, зь якім у цябе склаўся творчы тандэм?

Віталь – чалавек вядомы ў гарадзенскім рок-асяродзьдзі. Пачынаў ён у малавядомых гуртах, але потым быў гітарыстам Deviation і амаль уся музыка на альбоме «Х… вам або таталітарызм ня пройдзе» напісана менавіта Віталем. Мы зь ім сябруем зь дзяцінства, вырасьлі ў адным двары, жылі ў адным пад’езьдзе. У «Стерву» ён мяне паклікаў, а ў «Иго» я яго пазваў. Гэта лёс, рок.

 

ТГ: У гурце «Стерва» вы шмат экспэрымэнтавалі. Там можна пачуць і мэталічныя ноткі, і гардкор, і фолькавыя моманты, а вось «Иго» грае такі клясычны гэві-мэтал. Табе не падаецца, што шмат хто скажа, што такая музыка ўжо састарэла, што гэта пройдзены этап, што гэта – мінулы век?

Што я адкажу? Metal forever! Гэта наша музыка. Нам падабаецца.

 

ТГ: А як глядзіць праваслаўная царква на той факт, што на твае вершы сьпявае песьні рок-гурт?

Ня ведаю. А што тут такога? Я сам асабіста на сцэне ня прыгаю.

 

ТГ: А як ты ставішся да ініцыятываў дыякана Андрэя Кураева, які выходзіў з пропаведзямі на рок-канцэртах?

Дыякан Кураеў супрацоўнічае з рокерамі, а я сам – з рокераў. У фільме «Время ДДТ» удзельнічаюць сьвятары, якія самі былі рокерамі ў маладосьці. Рок-музыка існуе, гэта рэчаіснасьць ад якой не адмахнешся. Сьвятары – такія людзі, як і астатнія. Хтосьці слухае шансон, хтосьці – клясычную музыку, хтосьці – рок. Асабіста для мяне, рок-музыка – не асноўная частка майго жыцьця. Галоўнае – служэньне Богу і людзям. У кожнага з нас ёсьць нейкія абавязкі. Для мяне як для хрысьціяніна, на першым месцы стаяць мае адносіны з Богам. Потым ужо ідзе сям’я, родныя, блізкія, сябры. Ну, а на пэрыферыі – паэзія і рок-музыка. Гэта вельмі неправільна, калі нейкая дзейнасьць выходзіць на першае месца, калі чалавек пачынае сабе лічыць паэтам ці мастаком, напрыклад.

 

ТГ: А ты ня думаў выйсьці на нейкім сэйшэне з пропаведзьдзю супраць ужываньня наркотыкаў і алькаголю, напрыклад?

Я пра гэта ня думаў.

 

ТГ: Ты – каардынатар Гарадзенскай і Ваўкавыскай епархіі па рабоце з алька- і нарказалежнымі. Як сам лічаш, у асяродзьдзі рок-музыкаў гэта моцная праблема?

Вельмі моцная, як і ў іншых асяродзьдзях нашага грамадства. Хімічная бія-псыха-сацыяльная залежнасьць не мае межаў. На яе могуць быць хворымі і рок-музыкі, і поп-музыкі, і мастакі, і журналісты, і будаўнікі, і сантэхнікі  і хто заўгодна. Гэта ўвогуле праблема чалавецтва. Яна мае сур’ёзную духоўную аснову, і ня трэба падзяляць людзей, як і ня трэба падзяляць рэчыва, якія занявольваюць чалавека, якія зьмяняюць чалавечую сьвядомасьць. Алькаголь – гэта таксама наркотык.  

 

ТГ: Будзем шчырымі, ёсьць святары, якія кажуць, што рок-музыка – музыка ад д’ябла. Як ты да гэтага ставішся?

Ёсьць такія сьвятары. Пазыцыя сьвятароў – гэта пазыцыя сьвятароў. Я адкажу так: рок – гэта форма, усё залежыць ад таго, якім зьместам яе напоўніць. Ёсьць такое меркаваньне, што трэба больш слухаць клясычную музыку, але... Калі ўзяць кампазітараў-клясыкаў, іх біяграфіі, іх сьветапогляд, іх тэматыку творчасьці, то можна ўбачыць што сярод іх былі і цёмныя асобы, і сьветлыя. А ўсё называюць клясыкай. Таму ў роке ўсё тое самае. Калісьці ў СССР забаранялі джаз. І што?

 

ТГ: Асноўная тэматыка песень гурта «Иго» – гістарычная. Гэта погляд на гісторыю беларусаў праз прызму праваслаўя? Што ты хацеў падкрэсьліць?

Хачу сказаць, што гэта толькі гэтая праграма канцэптуальна гістарычная. Наступная будзе прысьвечана хрысціянству, біблейскім падзеям. А тое што хацеў сказаць можна пачуць у саміх песьнях.

 

ТГ: У тваіх тэкстах шмат супрацьстаяньняў: паганства – праваслаў’е, каталіцызм – праваслаўе. Ці не падаецца табе, што ў нас і так хапае розных натуральных і штучных падзелаў, каб падкрэсьліваць іншыя? Тым больш, што гісторыя вельмі шматгранная, складаная рэч…

Ну, вось я паспрабаваў больш уважліва паглядзець на адну з граней гэтай гісторыі. Гэта мая пазыцыя і яна мае права на існаваньне.

 

ТГ: Танныя амерыканскія камэдыі, глупыя расейскія сэрыялы, «чарка-шкварачныя» праўладныя імпрэзкі – ці ў цябе не складаецца ўражаньне, што Беларусь стала закладніцай прапаганды бязсэнсоўнага і жахлівага спажывецтва і бязкультур’я?

У нашым грамадзтве, наогул, моцны росквіт бяздухоўнасьці, але ў кожнага чалавека заўсёды ёсьць выбар. Выключы тэлевізар – вазьмі кнігу ў рукі, схадзі на вуліцу з сваім дзіцём.. У тым самым інтэрнэце шмат цікавых і асьветніцкіх рэчаў. Ад мяне залежыць мой выбар. Гэта тое самае, калі чалавек ці з Богам, ці безь Яго. Канечне, асяродзьдзе моцна ўплывае, але заўсёды ёсьць выхад. Так, штосьці нам не далі бацькі, штосьці не дадала школа, але хто перашкаджае нам разьвівацца? Ну, вось звычайны прыклад. Я – бацька. У мяне ёсьць старэйшы сын, які ведае што папса – гэта дрэнна. Ён ведае, што ёсьць Высоцкі, Цой, Кінчаў. Ён езьдзіў са мной аглядаць сьвятыні Гарадзеншчыны. Ад мяне залежыць чым мой сын будзе цікавіцца, што для яго будзе першасным.

 

ТГ: Але толькі частка людзей будзе імкнуцца да духоўнага разьвіцьця, большасьць ня будзе рушыць супраць плыні…

Я ня ведаю што тут сказаць. Мы жывем і адказваем за сябе, за сваіх дзетак, за сваё служэнне. Як казаў вялебны Серафім Сароўскі: «Зьмяніся сам і вакол цябе зьменяцца тысячы». І ўсё. Не памятаю дакладна, але ў псыхалёгіі ёсьць такі тэрмін «Дзеці Гватэмалы». Гэта калі чалавек вырашае не свае праблемы, а чужыя. У такой асобы няма добрых адносін з суседзямі, сям’ёй, з самім сабой, але ён ведае дакладна, што трэба выратаваць дзяцей Гватэмалы. Вось так і ў сучаснай Беларусі: шмат людзей спрабуе нешта зьмяніць, але не пачынаюць гэтыя зьмены з самога сабе, не з свайго асабістага жыцьця. Вось таму я, і шмат хто з маіх сяброў, спрабуем несьці адказнасьць менавіта за сябе. Зараз шмат хто ківае на тое, што вельмі цяжкія часы, але калі ўзяць, напрыклад, гісторыю хрысьціянства, то былі часы Рымскай імперыі, часы савецкай улады – значна больш жахлівыя. Тое самае і з гісторыяй Беларусі. Я не люблю шукаць вонкавых ворагоў, таму што галоўныя ворагі – унутры мяне.

 

ТГ: А калі ўзяць сучасную беларускую культуру…

Я ня ведаю сучасную беларускую культуру. Я ведаю пару рок-музыкаў, пару паэтаў, пару пісьменнікаў.

 

ТГ: Але нават гэтая маласьць збольшага сёньня знаходзіцца пад негалоснай забаронай з боку ўладаў. У Горадні нічога не нагадвае пра тое, што тут жыў і тварыў Васіль Быкаў, не друкуюць вершы паэта Ўладзіміра Някляева, існуюць «чорныя сьпісы» музыкаў!

Я ня ведаю што тут адказаць. Калі браць рок-музыкаў, то можа ў гэтай забароне ёсьць і штосьці добрае. З аднаго боку, яны самі ішлі да гэтай забароны, з другога боку, можа гэта неяк станоўча паўплывае на іх творчасьць. Гурт «Крамбамбуля», напрыклад, далёка ня лепшае што рабіў Лявон Вольскі… Калі рок забараняюць, ён толькі квітнее. Галоўнае, каб кветкі не былі атручанымі. Калі ты хочаш, каб я асудзіў уладу, я ня буду гэтага рабіць. Я адкажу радкамі зь Мірнай екценіі: «О богохранимой стране нашей, властех и воинстве ея Господу помолимся».

 

Павал Касьпяровіч – яшчэ адна легендарная рок-асоба Горадні, больш вядомая ў гарадзенскіх музычных колах як Паша «Мутны». Паэт, рокер, аўтар тэкстаў гарадзенскіх гуртоў «Стерва» ды «Иго». Адначасова – бацька трох сыноў, а да ўсяго ня так даўно рукапакладзены праваслаўны дыякан. Усё гэта неяк натуральна і гарманічна ўжываецца ў адной асобе. Сам сябе Паша Касьпяровіч называе звычайным чалавекам, але ўлічваючы ягоны духоўны сан, мне было весьці гутарку часам неяк няёмка, незвычайна, нягледзячы на тое, што ён мой добры знаёмы, якога ведаю доўгія гады. Аднак размова атрымалася, і асноўнымі тэмамі гутаркі былі рок-музыка, лёс беларускай мовы і творчасьць самога Паўла.


Источник - Tuzin.fm
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Информация

Комментировать статьи на нашем сайте возможно только в течении 150 дней со дня публикации.
• Реклама
Размещение рекламы на сайте muzby.net
• Читаемое
    • Афиша

    6 января в клубе «Граффити» состоится Trip-hop/Lounge вечеринка с участием частого гостя клуба, диджея и автора электронной музыки Diamos Roll‘а и, пожалуй, главным представителем белорусского трип-хопа, группой B_Side.

    17 января состоится церемония награждения ZorkiText 2011

    • Опрос
    Новый вид сайта. Как?
    Отлично
    Хорошо
    Плохо

    • Личный кабинет
    Фоторепортаж Прямо с места событий

    Назад в Союз или новое по старому...
    Сеть облетели картинки стилизации современных альбомов под винил советского времени. Мы тоже не будем отставать и представим вашему вниманию эту коллекцию (а вдруг кто её ещё так и не видел?). Смотрите и улыбайтесь, ведь смех продлевает жизнь!

    Рецензии Читать не перечитать

    Портал Jazz.ru издал толстый, но совершенно не академичный двухтомник – такой же, как и «музыка толстых», которую он взялся описать.

    Реклама Интересные предложения
    Мировые новости Самое свежее